А хто там бяжыць?

Заўсёды быць у прымах у чужой хаце, палец а палец не стукнуўшы ў хаце сваёй. У смалявіцкіх настаўнікаў няшмат шансаў пабачыць сваіх найлепшых выпускнікоў пасьля апошніх экзамэнаў. Вярнуцца пасьля ўнівэрсытэту жыць і працаваць у Смалявічы — гэта нешта кшталту паразы: значыцца, ты недастаткова пасьпяховы. Можа, таму ў Смалявічах амаль нічога няма: ані краязнаўчага музэю, ані сваёй выставачнай залі, ані тых, хто будзе ў музэі і на выставы хадзіць. Таксама няма ніводнага сквэру ці парку, гістарычнай будыніны ці адмысловай гарадзкой скульптуры — калі не лічыць за скульптуру бэтонны раскрыты гаманец, які стаіць ля мясцовага аддзяленьня банку.