Памяці Ўльляны Захаранкі

Чаканьне даўжынёй у 19 гадоў і 7 дзён. У мястэчку Васілевічы на Гомельшчыне 14 траўня перастала біцца сэрца Ульляны Рыгораўны Захаранкі, маці зьніклага экс-міністра ўнутраных спраў генэрала Юрыя Захаранкі. Пляменьніца Люба, якая даглядала Ўльляну Рыгораўну, паведаміла, што пакінула цётку літаральна на гадзіну, каб самой атрымаць мэдычную дапамогу ў шпіталі. Вярнулася, а Ўльляна Рыгораўна ўжо ня дыхала. Ад 6 лютага Захаранцы ішоў 95-ы год. «Яна ў апошні час не ўставала і нікога не пазнавала, нават мяне, — кажа Любоў Міхайлаўна. — Клікала толькі: «Юра, Юра».