Каралеўскі замак у Горадні рэканструююць з пэрфаратарам

На вачах у гарадзенцаў будаўнікі разьбіраюць каралеўскую рэзыдэнцыю, якую можна параўнаць з кракаўскім Вавэлем, і ніхто нічога ня можа зрабіць. Што адбываецца з тысячагадовым замкам, «Радыё Свабода» тлумачыць для тых, хто ня ў тэме. 1. Хто гэтыя мужчыны зь пэрфаратарамі і што яны робяць? Гэта будаўнікі арганізацыі «Гроднажылбуд», якая спэцыялізуецца на пабудове жылых шматпавярховікаў. Яны пашыраюць вокны на другім паверсе брамы пры ўваходзе ў Стары замак. Папраўдзе яны разьбіраюць частку сьцяны XVII стагодзьдзя. Дагэтуль рабочыя зьнялі частку галерэі таго ж часу.