Івонка Сурвіла: Ганаруся нашым народам

Старшыня Рады БНР падзякавала беларусам за вернасьць ідэалам незалежнасьці. Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла зьвярнулася да беларусаў з усіх краінаў сьвету:«Дарагія Суродзічы, дарагія Сябры Беларусы!Пішу гэты ліст перад усім, каб выказаць маю ўдзячнасьць пасьля сьвяткаваньняў у Беларусі і ў сьвеце сотых угодкаў абвешчаньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі 25-га Сакавіка 1918 году. Я яшчэ ўсё пад уражаньнем урачыстасьцяў і энтузіязму, зь якім вы адзначылі стагодзьдзе БНР. Ведаю, што будзе яшчэ шмат мерапрыемстваў у 2018 годзе з гэтае нагоды, але хочацца вам ужо цяпер падзякаваць за радасьць, якою вы напоўнілі маё сэрца ў Сакавіку 2018 г.