Дзень Волі ў Беластоку

Беларусы Беласточчыны рыхтуюцца годна адзначыць Дзень Волі. Сёлета на 25-га сакавіка прыпадае сотая гадавіна абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі, нагадвае «Радыё Рацыя». Як кажа старшыня Беларускага саюзу ў Польшчы, сябра аргкамітэту святкавання Яўген Вапа, падрыхтоўка пачалася загадзя, яшчэ паўгода таму:– Наш арганізацыйны камітэт цягам апошніх месяцаў сустракаецца даволі часта. Сярод іншага, за справы звязаныя з графічным выяўленнем адказвае Юрка Асеннік. За сцэну, за музычнае афармленне адказвае Ілона Карпюк. Таксама ў працы аргкамітэту ўдзельнічаюць: Алег Латышонак, Славамір Іванюк, Барбара Пякарская, Тамаш Суліма ды іншыя беларусы Падляшша.