Неверагодны лёс консула БНР

Дасьледнік знайшоў магілу і нашчадкаў Міколы Вяршыніна. Консул БНР доўгія гады ляжаў на праскіх могілках безыменна, прыкрыты імёнамі дачкі і зяця. Навейшыя спробы знайсьці магілу Міколы Вяршыніна былі беспасьпяховымі, пакуль не зьявіўся дасьледнік, які шукаў . . . некага іншага, перадае «Радыё Свабода». Інжынэр Сяргей Кнырэвіч ужо 20 гадоў жыве з сям’ёй у Чэхіі, працуе ў фірме, што выпускае абсталяваньне для вырабу паперы. І бальшыню вольнага часу праводзіць у чэскіх архівах, шукаючы сьлядоў беларускай гісторыі. Гэта той самы Сяргей Кнырэвіч, якому раней разам з гісторыкам Паўлам Котавым удалося знайсьці дакумэнтальныя сьляды нашчадкаў Францішка Скарыны.