Беларус, які зварыў піва да 100-годзьдзя БНР: У пiва будзе закладзеная нашая сымболіка

Патрыёт-прадпрымальнік Кірыл Якімовіч зварыў у Чэхіі адмысловае юбілейнае піва. Кірыл Якімовіч — экстрэмал, патрыёт, прадпрымальнік. Да 100 угодкаў БНР ён зварыў у Чэхіі адмысловае юбілейнае піва. А цяпер сам-адзін перасякае на лыжах Ісьляндыю зь бел-чырвона-белым сьцягам. Трэба валодаць вялікім нахабствам, скажу я вам, каб насьмеліцца ў Чэхіі варыць і прадаваць сваё уласнае піва зь нестандартным смакам. «У чужой бажніцы сьвечкі не папраўляй» — а тут 37-гадовы беларус наважыўся прапаноўваць сваё піва ў краіне, якая лічыць сябе заканадаўцам піўной культуры ў Эўропе? Ну-ну, думала я сабе, ідучы на сустрэчу з Кірылам Якімовічам у крафтавы піўбар у Празе пагаварыць пра ягоны піўны бізнэс у Чэхіі і чакаючы, папраўдзе, убачыць маладзёна самаўпэўненага і нахрапістага, пiша «Радыё Свабода».