Вечар зь Міхалам Анемпадыставым

Я думаю, што час для Міхала не спыніўся, проста зрабіўся іншым. У маёй вальеры, як я называю кабінэт, тры сталы. Калі пішу гэтыя вечаровыя радкі, Міхал прысутны на ўсіх трох. На пісьмовым стале пануе Міхалава паштоўка — фіялетавая ноч, сярод якой цьвіце залацістымі шарамі, а можа, зьзяе залатымі яблыкамі казачнае блакітна-сіняе дрэва. На яго толькі што апусьцілася зь нябёсаў залатая калядная зорка са сьвяточным хвастом. Я ведаю, што паштоўка будзе аздабляць стол да Вялікадня, а ў сьнежні зноў зьдзівіць сваім урачыстым зьяўленьнем завейнае бязладзьдзе маіх папер і паперак.