Бацька апальнага блогера: Сын паказвае «гаранту», што адбываецца па-за яго абалонкай

Аляксандар Пуціла, бацька відэаблогера NEXTA, цалкам падтрымлівае сына ў ягонай дзейнасьці. Журналіст Аляксандар Пуціла, бацька відэаблогера NEXTA, падтрымлівае сына ў ягонай дзейнасьці і называе перасьлед спробай перакласьці на некага адказнасьць за правалы дзяржаўнай палітыкі, паведамляе «Радыё Свабода». 19-гадоваму Сьцяпану Пуцілу, які ў сеціве карыстаецца псэўданімам Сьвятлоў, пагражае крымінальны артыкул 368 — «абраза прэзыдэнта». Санкцыя — пазбаўленьне волі на тэрмін да двух гадоў. 22 лютага ў кватэры Пуцілаў у Сеніцы пад Менскам адбыўся ператрус, у якасьці рэчавых доказаў міліцыянт у форме і яшчэ адзін супрацоўнік у цывільным забралі некалькі адзінак кампутарнай і відэатэхнікі.