Беларус пройдзе на лыжах праз усю Ісьляндыю зь нацыянальным сьцягам

Завяршыць вандроўку Кірыл Якімовіч зьбіраецца ў Скоўгары на поўдні выспы. Беларус Кірыл Якімовіч пачаў свой самотны маратон па замерзлай лаве ў Ісьляндыі. Ён рушыў у шлях зь мясцовасьці Блёндуос на ўзьбярэжжы Паўночнага Ледавітага акіяну. Завяршыць вандроўку Якімовіч зьбіраецца ў Скоўгары на поўдні выспы. Ідзе адзін, зь бел-чырвона-белым сьцягам, які пашыла жонка. Кірыл Якімовіч жыве ў Празе. Ён горны гід, які якраз цяпер рыхтуецца атрымаць міжнародную кваліфікацыю UIMLA. Перад тым, як надзець лыжы, ён адказаў на пытаньні «Свабоды». — Кірыл, адкрыйце таямніцу, што трэба зрабіць чалавеку, каб прымусіць яго аднаго ісьці 400 км на лыжах у краіне на канцы сьвету? — Я толькі пачынаю, і ня факт, што ўсё ўдасца.