Падарожжа ў БНР: Выгнаньне першых бальшавікоў

Як Менск зрабіўся сталіцай Беларусі. «Радыё Свабода» працягвае публікаваць старонкі кнігі Сяргей Шупы «Падарожжа ў БНР». Канец першых бальшавікоўКалі 18 лютага 1918 году немцы пачалі наступ, бальшавіцкія ўлады ахапіла паніка. У ноч на 19-га Рада народных камісараў пастанавіла пакінуць Менск бяз бою і выехаць у Смаленск. Чырвоныя ўцякалі як толькі маглі, у бязладзьдзі, балагане, пярэпалаху, вазамі-коньмі, машынамі, санямі, кідаючы майно, праз галовы і целы, у поўнай дэзарганізацыі і дэмаралізацыі. Тут сваю нацыянальную сьпеласьць выявілі чыгуначнікі — работнікі менскага дэпо Лібава-Роменскай чыгункі катэгарычна адмовіліся спрыяць бальшавіцкай эвакуацыі, патрабуючы выплаты заробкаў за тры месяцы.