Дзень Ірыны Казулінай замест «Дня абаронцаў айчыны»

У гэты дзень варта падтрымаць усіх тых, чые родныя цяпер за кратамі. 23 лютага спаўняецца 10 гадоў, як ня стала Ірыны Казулінай. Ёй было толькі 48 гадоў. Інтэлігентная жанчына, якая магла б стаць першай лэдзі, якой ганарыліся б беларусы. Мужная жанчына, якая адна з першых у Беларусі публічна заявіла пра сваю ракавую хваробу і дала прыклад змаганьня іншым. Годная жанчына, якая з усьмешкай прыходзіла ў студыю «Свабоды» на онлайн-канфэрэнцыю адразу ж пасьля суду над Аляксандрам Казуліным. Верная жанчына, зь якой у яе апошнія хвіліны, дні і месяцы не было мужа-палітвязьня.