![]()
Зрабіць Беларусь Беларусьсю. Дзень роднай мовы – добрая нагода паразмаўляць пра тое, хто вінаваты і што рабіць? Я прыхільнік таго, каб мы рэчы называлі сваімі імёнамі. Прыемна гэта ці не, паліткарэтна ці радыкальна, але так ёсьць: сучасная беларуская дзяржава дваццаць тры гады здзяйсьняе этнацыд беларускага народу. Адно тое, што ў Беларусі па-беларуску вычыцца 0,3% студэнтаў ВНУ – адно гэта прысуд кіраўніцтву краіны. Прыклады этнацыду беларусаў «беларускай» жа дзяржавай можна прыводзіць бясконца. Чаму ніводны дакумент у дзяржустанове не дублюецца па-беларуску? Чаму ніводны чыноўнік не размаўляе са мной па-беларску, калі я да яго на мове зьвяртаюся? Чаму бацькі вымушаны ваяваць за беларускамоўныя садочкі? Чаму 10-мільённы беларускі народ ня мае ніводнай беларускамоўнай ВНУ? А вы чыталі сьведчаньні пра беларускамоўных дзяцей, сабраныя Вадзімам Пракопчыкам і Аляксандрай Баярынай? Як назваць такую палітыку? Давайце прызнаемся, гэта этнацыд.