Падарожжа ў БНР

Пачаткі беларускага нацыянальнага руху. Сяргей Шупа запрашае далучыцца да ягонага «Падарожжа ў БНР». Так называецца кніга, якую ён вызначыў як архіўны раман, прысьвечаная 100-годзьдзю абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай рэспублікі. На працягу наступнага месяца кожны дзень «Радыё Свабода» будзе публікаваць старонкі гэтай кнігі. Пара словаў пра два тамы «Архіваў БНР» і адкуль яны ўзялісяНеяк зімою на пачатку 1990-х у хату на віленскім Антокалі, дзе я тады жыў, завітаў адзін менскі знаёмец, літаратуразнаўца з архіўнымі схільнасьцямі, і агаломшыў мяне сэнсацыяй: ён знайшоў у Літоўскім дзяржаўным архіве ліставаньне паміж двума найстрашнейшымі ворагамі ў беларускім сьвеце — Антонам Луцкевічам і Вацлавам Ластоўскім! Гэтыя два слупы нацыянальнага адраджэньня былі сапраўднымі жыцьцёвымі антыподамі і вечнымі канкурэнтамі на лідэрства ў беларускім руху — перапіску паміж імі было цяжка сабе ўявіць.