Перамагчы «азіёпу»

Гэта будзе самае вялікае нашае дасягненне за апошняе стагоддзе. Аналізуючы лад тутэйшага жыцця, прыйшоў да высновы, што мы знаходзімся не ў Еўропе, а ў «азіёпе». У спалучэнне зліліся словы: «азія» і «еўропа», якія пішу не з вялікай літары, бо маю на ўвазе не кантынент, а толькі заганныя звычкі яго насельнікаў. У адрозненне ад геаграфічнай назвы «Еўразія» на першае месца паставіў «азію». Падкрэсліваючы гэты аспект, ні ў якім разе не хачу абразіць або прынізіць сучасных азіятаў. Проста даследчыкі-этнографы канстатуюць, што ў іх генетыцы выяўляюцца рысы заваёўнікаў: агрэсіўнасць, жорсткасць, прымяненне грубай сілы.