Дзед Дармаед і падатковы інспэктар

Новыя «героі» старых традыцый. Для тых, хто яшчэ не пасьпеў на ўсю моц адчуць чарадзейную сілу спрадвечных зімовых сьвятаў, засталося зусім мала часу. Але і ў гэтую пару дзён ці вечароў вы зможаце з галавой акунуцца, бы ў тую вадохрышчанскую палонку, у прыцягальны вір калядаваньня. Асабліва калі да народных традыцый далучыце свае навацыі. Якія, дарэчы, ужо з посьпехам апрабаваныя адной вясёлай кампаніяй магілёўскіх каляднікаў, да якой і я, грэшная, была з ахвотаю далучылася. У нашым гурце, які вырашыў павесяліць сябе і прыўзьняць сьвяточны настрой людзям ды ўвогуле разбавіць шматлікія лесапаркавыя спаборніцтвы на найдухмянейшы шашлык, найтаўсьцейшую кілбасу і найнаварысьцейшую юшку, былі тыя, хто спрабаваў сябе ў такой ролі ўпершыню, і тыя, хто ўжо калісьці хадзіў у каляднай чарадзе.