Маці дамагаецца вызваленьня сына, які стаў паралізаваным інвалідам у «Воўчых норах»

31-гадовы Кірыл Місюк зь Менску стаў інвалідам першай групы падчас зьняволеньня. Ён захварэў у папраўчай калёніі № 22, якую ў народзе празвалі «воўчымі норамі». Потым яго перавялі ў Рэспубліканскую бальніцу для асуджаных Менскага сьледчага ізалятара № 1. А 21 сьнежня стала вядома, што Кірыла зноў накіравалі ў мэдчастку калёніі № 22, паведамляе «Радыё Свабода». Кірыл хварэе ўжо год і чатыры месяцы, цяпер перамяшчаецца на інвалідным вазку. У датэрміновым вызваленьні яму адмаўляюць. 49-гадовая маці Кірыла Вольга Місюк, якая працуе ў адным зь менскіх гатэляў пакаёўкай, кожны чацьвер ходзіць на прыём да турэмных лекараў на «Валадарку», каб даведацца пра стан здароўя сына.