Уладзімер Арлоў пра сваё пяцікніжжа: Гэта своеасаблівая машына часу

Вядомы беларускi пiсьменнiк прэзэнтуе зборнiк выбраных твораў. Пад Каляды ў выдавецтве «Логвінаў» пабачыў сьвет пяцітамовік выбраных твораў аднаго з самых вядомых і запатрабаваных сучасных беларускіх пісьменьнікаў Уладзімера Арлова. Аўтограф-сэсія пройдзе 20 сьнежня ў менскай кнігарні «Акадэмкніга» ад 18 да 20 гадзіны. Пяцікніжжа ўключае ў сябе знакавыя творы, створаныя як апошнім часам, так і нашмат раней. Тут і славутае эсэ «Незалежнасць — гэта. . . », і найноўшая аповесьць «Танцы над горадам», і паэзія з «Парома празь Ля-Манш», адзначаная міжнароднай прэміяй «Эўрапейскі паэт свабоды», і гістарычны пласт са «Снамі імпэратара», і містыка «Краявіду з мэнтолавым пахам».