Трыумф над ардою

Бітва пад Клецкам сталася першай буйной перамогай над крымскімі татарамі. Напалоханы хан Менглі-Гірэй пачаў мірныя перамовы і на нейкі час ператварыўся ў хаўрусніка Вялікага Княства Літоўскага. Летам 1506 г. на Беларусь рушыла 20-тысячная конная арда, якую вялі крымскія «царэвічы» Біці і Бурнаш. Супраць яе выйшлі харугвы наваградскага, гарадзенскага і менскага рушання. 6 жніўня нашае войска на чале з князем Міхайлам Глінскім сустрэлася з ворагам непадалёку ад Клецка. Пад камандаю князя было каля 10 тысяч ваяроў, але адрозна ад захопнікаў яны мелі апрача лукаў і агняпальную зброю - ручніцы і некалькі гарматаў.