23 лістапада нарадзіўся аўтар «Беларускай Марсэльезы» і гімна БНР

Кампазітар Ўладзімер Тэраўскі прыйшоў у свет на гераічнай Случчыне. 23 лістапада 1871 г. у Слуцкім павеце нарадзіўся Ўладзімер Тэраўскі, дырыжор, кампазытар, аўтар музыкі «Ваяцкага марша» – гімна БНР. Нарадзіўся ў мястэчку Раманава (цяпер вёска Леніна Слуцкага раёну Менскай вобласьці) у сям’і сьвятара. У 1889 годзе скончыў Слуцкую духоўную вучэльню. У 1892—1895 служыў у войску. У другой палове 1890-х жыў на Ўрале, кіраваў аматарскімі харавымі калектывамі. Сьпяваў у капэле Д. Агрэнева-Славянскага. Вярнуўся ў Беларусь у пачатку 1900-х. Узначальваў царкоўны хор Старажоўскай царквы, аматарскі хор Менскага таварыства цьвярозасьці; выкладаў сьпевы ў пачатковых школах.