![]()
Новы час прыўнёс у беларускае войска крымінальна-эканамічны чыньнік. — Армія гэта. . . гэта. . . школа жыцьця, — гаварыў на маіх провадах у тую самую армію, абняўшы мяне за плечы, падвыпіўшы дзядзька Андрэй. Ягоная «школа жыцьця» прыпала на фінскую вайну, адкуль у ягонай памяці засталіся адубелыя трупы савецкіх вайскоўцаў уздоўж фінскай мяжы, шалёны мароз ды страх ператварыцца з жывога чалавека ў такую зьледзянелую мумію. — Зь «дзядамі» не выпендрывайся, «дзяды» галоўныя людзі ў войску, — дзяліўся са мной практычнымі парадамі дваровы прыяцель Жэнька, які паўгода як вярнуўся са «школы жыцьця» дамоў.