Васіль Быкаў: На што мы здольныя, такая доля ў нас і будзе

Лёс Беларусі і цяпер залежыць ад палітычнай актыўнасці народу. Не жадаючы будаваць незалежную беларускую дзяржаву, посткамуністычныя кіраўнікі спрытна ўзяліся за стварэньне ўласных фірмаў, пераводзячы ў іх дзяржаўную маёмасьць. Сёньняшнія «алігархічныя» капіталы ў значнай частцы грунтуюцца на той намэнклятурнай прыватызацыі пачатку 90-х. Так што казаць пра разгубленасьць намэнклятуры і ўраду Кебіча можна толькі ў прымяненьні да нацыянальных інтарэсаў. Уласныя інтарэсы яны рэалізавалі імгненна, піша Сяргей Навумчык для svaboda. org. Адкінуўшы законапраекты Апазыцыі БНФ аб разьдзяржаўленьні маёмасьці (паводле якіх маёмасьць перайшла б у рукі грамадзянаў), 23 верасьня 1991 году Савет Міністраў прыняў «Часовы парадак разьдзяржаўленьня эканомікі і прыватызацыі дзяржаўнай уласнасьці Рэспублікі Беларусь» (так сьпяшаліся, што нават стылёва пісьменную назву прыдумаць не пасьпелі).