Высьпятак ад Скарыны

Скарына і сам — як эпіграф да эўрапейскай Беларусі. Гадоў дваццаць пяць таму сябры падаравалі мне вялікі габэлен. З-за сваіх памераў ён доўгі час праляжаў у скрутку — не знаходзілася адпаведнай сьцяны. Інтэрнат, здымныя кватэры, аднапакаёўка, запалоненая кніжнымі паліцамі… Прызнацца, я адчуваў няёмкасьць, чарговым разам запіхваючы той габэлен пад ложак, у канапу ці ў іншыя непашанотныя закануркі. Нарэшце габэлен дачакаўся свайго часу і заняў належнае яму месца на шырокай сьцяне. І — адразу пэўным чынам падпарадкаваў сабе навакольную прастору, стаўшы яе сэнсавай дамінантай.