Школьніца з Канады пераехала ў Беларусь, каб вучыцца балету

17-гадовая канадка Райлі Макґўайр другі год вучыцца ў Беларускім дзяржаўным харэаграфічным каледжы. Яна адзіная навучэнка з Паўночнай Амэрыкі. Пра вучобу праз Google Translate, прыгожую архітэктуру Менску і асаблівую балетную культуру ў Беларусі яна расказала «Радыё Свабода». Да канца жніўня Райлі застаецца ў родным Ўіндзары (Windsor). Гэта горад на паўднёвым усходзе Канады праз раку ад амэрыканскага Дэтройту. Праз тэлефон мы распыталі Райлі і яе маці Рэбэл, як дзяўчына трапіла ў Беларусь. Райлі позна прыйшла ў балет. На першыя заняткі па харэаграфіі яна трапіла ў 14 год.