Узьняў над філфакам бел-чырвона-белы сьцяг

Як у заходнебеларускіх мясьцінах вырастаюць шчырымі патрыётамі. У Горадні ня стала Ігара Жука, майго калегі з Саюзу беларускіх пісьменьнікаў. Мы ніколі не былі сябрамі, але існуе гісторыя нашых кантактаў зь ім. Калі КПБ страціла кіраўнічую ролю, у будынак Дому палітасьветы (размоўна — «Палітпрос») засялілі філфак Гарадзенскага ўнівэрсытэту. І паставілі кіраваць маладога выкладчыка Ігара Жука. А тут Беларусь стала незалежнай, і начальства вымушанае было вывесіць бел-чырвона-белыя сьцягі. Аўтобусам я езьдзіў на працу ў рэдакцыю і ўглядаўся ў сьцягі: спачатку на райвыканкаме, затым на гар- і абласным гмаху.