![]()
Гэты звон чуць і ў Курапатах, і на Дзяды, і пад сьценамі Акрэсьціна, і на Дзень Волі. Ёсьць рэчы, якія рэжуцца ў памяці такім агністым знакам, што засядаюць у ёй на заўжды. Яны робяцца больш, чым знакам, адбіткам, яны робяцца рэччу ў сабе, тым, што прымушае цябе згадваючы гэтую рэч, задумвацца пра розныя, самыя разнастайныя бакі твайго жыцьця, здаецца наўпрост ніяк не зьвязаныя са згаданай рэччу. Для мяне такая рэч Чарнобыльскі звон. Я ўжо не памятаю, у якім годзе й на якім з Чарнобыльскіх шляхоў, я пачуў голас гэтага звона ўпершыню. Я ня ведаю, хто тыя майстры, што яго спраектавалі і адлілі, але я ягоны голас ня зблытаю ні з якім іншым, бо ён звоніць пра ўсё тое, што мне і толькі мне самому, трэба асэнсаваць.