Махляры

Размаўляем з землякамі-аднавяскоўцамі пра цяперашнія заробкі. Чую ў асноўным нараканьні. Амаль усе, хто маладзейшы, зайздросьцяць пэнсіянэрам. 200 рублёў (а гэта звычайная па вясковых мерках пэнсія) у калгасе ня кожны месяц заробіш. Нагадваю пра абяцаньне Лукашэнкі: да канца году сярэдні заробак у Беларусі павінен скласьці 500 даляраў (тысячу рублёў). У тое, што такія грошы можна будзе зарабіць у вёсцы, ня верыць ніхто. Адказваюць звычайна так: «Ну, можа, начальства і атрымае. . . Дык яно і цяпер атрымлівае». Разважаючы пра заробкі ў калгасе, успамінаем Тадзіка Павайбу — гаваркога, вострага на язык і адначасова працавітага, цягавітага мужыка.