25 сакавіка. Постфактум

Дзень Волі скончыўся і ня скончыўся. У многіх сэнсах гэта – працэс. Першае, што кінулася ў вочы, пра што пішуць – народ перастаў баяцца. Нягледзячы на грымотны залп з усіх ствалоў БТ, адкрытыя крымінальныя справы, заклікі ня йсьці на Дзень Волі ад часткі тых, хто называе сябе апазыцыяй. Нягледзячы на недаезд да акцыі Міколы Статкевіча, які браў на сябе адказнасьць за марш. У народа зьмяніўся настрой. Народ пасьмялеў, папросту зьмяніўся. Думаю, справа ня толькі ў дэкрэце №3, гэта толькі чарговая памылка ўлады, як тая кропля, што пераліваецца цураз край.