![]()
Увесь сьвет пабачыў, што апошняя дыктатура Эўропы была і застаецца тым, чым была. На мінулым тыдні Беларусь перажыла другое 19 сьнежня 2010 году: у некага наверсе ня вытрымалі нэрвы пасьля масавых пратэстаў супраць абсурднага падатку на беспрацоўе, і дрыготкая рука пацягнулася да звыклых і правераных мэтадаў узаемадзеяньня зь незадаволеным народам. Перад гэтым беларускія дыпляматы і грамадзкія памочнікі дыктатуры кшталту БІСС некалькі гадоў клапатліва стваралі вобраз краіны, якая зьмяняецца да лепшага. Калі вы заўважылі, рэжым апошнія гады старанна пазьбягаў паказальнага гвалту: акцыі апазыцыі разганялі людзі ў штацкім («ціхары», ці ёмістае новае слова ў беларускім лексыконе — «шуняўкі»), каб ні ў якім разе ня даць фотакарэспандэнтам яскравы матар’ял.