Дзевяць беларускіх напояў, ад якіх непазьбежна робіцца цёпла

У калядна-навагоднія сьвяты прапануем вам узгадаць традыцыйныя беларускія напоі. Які мёд лічыўся каралеўскім? З чаго пілі гарачы крупнік? Дзе і як доўга старэла старка? Хто быў лепшым знаўцам добрага піва? У калядна-навагоднія сьвяты «Радыё Свабода» прапануе ўзгадаць традыцыйныя беларускія напоі, ад якіх непазьбежна робіцца цёпла. 1. Спрадвечны і ўрачысты пітны мёд З даўніх часоў беларусы любілі і шанавалі мёд. І ўмелі яго здабываць. Спачатку пчалярства было дзікім — чалавек ішоў у лес па мёд як на паляваньне. Пазьней зьявіліся сьвядомыя бортнікі, якія ўтрымлівалі і разводзілі пчолаў у адмысловых вульлях, альбо борцях, замацаваных на дрэвах, часьцей — дубе, ліпе і хвоі.