«Хрыстус нарадзiўся, Бог аб’явiўся!»

Глыбокапаважаныя браты i сёстры, людзi добрай волi, суайчыннiкi! Сардэчна вiтаю вас усiх гэтым святочным воклiчам i вiншую з радасным i поўным духоўнага зместу святам Божага Нараджэння. Евангелле прадстаўляе кранальную сцэну Божага Нараджэння. Марыя з Юзафам шукаюць месца, дзе мог бы нарадзiцца Збаўца свету. Яны стукаюць у дзверы розных дамоў i гатэляў, але iх нiдзе не прымаюць. Сапраўды, як кажа св. апостал Ян, Езус прыйшоў да сваiх, але яны Яго не прынялi. Гiсторыя Бэтлеемскай ночы не завяршылася. Езус стукае ў дзверы нашых сэрцаў. Ён хоча быць з намi i адарыць нас сваiм словам i збаўчай ласкай.