![]()
Тэатральна-дыскусійны вечар «Гаворым ці маўчым па-беларуску» прайшоў у Пружанах. Пляцоўкай для вечарыны стаў музей-сядзіба “Пружанскі палацык”, які рэгулярна дае сваю прастору для беларускіх імпрэзаў. У якасці гасцей былі запрошаныя Дзяніс Фёдараў (Брэст), рэжысёр пастановы “Білінгвы”, і Анатоль Бараннік — акцёр таго ж монаспектакля. Ад брэсцкай суполкі “Мова Нанова” завітала Вольга Малафеечава. Удзел у вечарыне ўзяла таксама Анастасія Пілюгіна, арганізатарка інтэрнэт-суполкі “Беларускамоўная моладзь у Пружанах”. Кампанію «Будзьма беларусамі», якая выступіла арганізатарам вечарыны, прадстаўлялі вядоўца Хрысціна Марчук і каардынатарка Марыя Шарый.