У чаканнi новага

Беларускі футбольны турнір — як люстэрка, адбівае народныя настроі. Футбольны чэмпіянат Беларусі завершаны. Згуляны апошні матч. Чэмпіянат, здаецца, быў ці не адзін з самых сумных за апошнія гады, што красамоўна засьведчыла апытаньне на сайце газэты «Прэсбол». Хто стане першым, стала зразумела даволі рана, хто другім, хто трэцім — трошкі пазьней. БАТЭ, «Шахтар» і менскае «Дынама» фінішавалі ў той самай чарговасьці, што і летась. Інтрыга да апошняга жыла толькі ў сутарэньнях табліцы спаборніцтваў, было не зусім ясна, каму выпраўляцца ніжэй за дно.