«Шэрыя быкі» і рэвалюцыя сьвядомасьці

У краіне адбываецца рэвалюцыя сьвядомасьці ў галовах людзей з абодвух бакоў барыкад. Трывога. Гэтым словам я акрэсьліваю для сябе крытычныя інтанацыі знаёмых, якія камэнтуюць апошнія пазытыўныя падзеі ў краіне. Пачатак бязьвізавага рэжыму на Гарадзеншчыне, вызваленьне Эдуарда Пальчыса, першы канцэрт «Brutto» ў Беларусі. У рэпартажы з гомельскага выступу Сяргея Міхалка пра спадзеў на лепшую сытуацыю ў краіне:«На тое, што менавіта з гэтага часу лёд кранецца, разьлічвае кожны, хто сёньня скача на гэтай танцпляцоўцы». Дзе спадзеў, там і сумнеў.