Праект для вывучэння беларускай мовы перамог на конкурсе стартапаў

Аўтары праекта «Вавёрка», студэнткі Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта, паедуць у Фінляндыю. У мінскім стартап-хабе Imaguru адбыўся хакатон Game Edu, у межах якога каманды павінны былі прыдумаць і распрацаваць адукацыйны праект з элементамі гульні. Галоўны прыз атрымаў праект «Вавёрка», які ўяўляе сабой партал для вывучэння беларускай мовы з квэстамі і анлайн-крамай. За 48 гадзін хакатона студэнткі-аднагрупніцы з факультэта інфармацыйных тэхналогій Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта распрацавалі дызайн і звярсталі галоўную старонку партала, стварылі тры вучэбныя гульні на тэму «Назоўнікі», падрыхтавалі прататып квэста і дызайн інтэрнэт-крамы, а таксама распрацавалі бізнэс-мадэль і бізнэс-план.