Подпіс ідэаліста

Што нам застаецца? Прынамсі, ня здраджваць уласным ідэалам. На працягу апошніх дзён арганізацыя «Малады Фронт» праводзіць акцыі за тое, каб бел-чырвона-белы сьцяг быў афіцыйна ўнесены ў сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў. Кожны дзень хлопцы стаяць і зьбіраюць подпісы за гэтую пачэсную справу, зазвычай каля ўнівэрсаму «Цэнтральны». Людзі то шыхтуюцца ў чэргі, каб падпісацца, то подбегам мінаюць небясьпечнае, на іх думку, месца. Бачыў, як падпісваліся за сьцяг Уладзімер Адамчык, Алена Анісім, Уладзімер Арлоў, Лявон Вольскі, Аляксей Марачкін, Валеры Мазынскі, Уладзімер Някляеў ды іншыя.