Паўтары гадзіны шчасця

Тое, што мне давялося перажць увечары ў нядзелю, 4 верасня, у Падляшскай оперы ў Беластоку, не параўнаць ні з чым. Там адбывалася падзея, пра якую аўтар гэтых радкоў і ўжо і не марыў, — спектакль «Народны альбом — 20» з удзелам амаль усіх тых, хто спрычыніўся да стварэння музычнага праекту. Сказаць, што гэта было класна, — не сказаць нічога. Гэта той выпадак, у які мала верылася. Сабраць на адной сцэне сапраўдных легенд беларускай сучаснай музыкі — дарагога варта. А тут яшчэ трэба было атрымаць магчымасць, каб аксакалы беларускага року — удзельнікі запісу «Народнага альбома», — знайшлі час і сабраліся зноўку ў адзін калектыў праз амаль дваццаць гадоў пасля стварэння праекта.