Зміцер Вайцюшкевіч запісвае альбом на вершы Уладзіміра Някляева

Дыск мае стаць вынікам апошніх 7 гадоў супрацы музыкі і паэта. Некалькі спеваў з будучага альбому спявак прэзентаваў сталічнай публіцы на вечарыне памяці беларускага капелана Алеся Чаркашына. «Вядзем працу над альбомам на вершы Някляева да ягонага 70-годдзя» – распавёў музыка Зміцер Вайцюшкевіч «Радыё Рацыя». — Спадзяюся ён выйдзе не ў гэтым годзе, але ў наступным, нягледзячы на тое, што 70-годдзе сёлета. Але гэта праца апошніх 7 гадоў, якую мы рабілі. Я адчуваю са свайго боку важны абавязак давесці яе да канца. Спадзяюся, усё гэта будзе запісана ў Варшаве з вельмі добрым скрыпічным квартэтам, з добрымі аранжыроўкамі, якімі ўжо займаюцца варшаўскія кампазітары.