Час кантралёраў і «зайцаў»

Студэнтам і астатняму грамадзтву, якое хоча мець дастаткова грошай, каб не эканоміць на квітках, «варта зьняць акуляры і перастаць быць субтыльнымі істотамі». Еду ў аўтобусе, назіраю карціну паляваньня на безьбілетніка. Юны студэнт-акулярык, заўважыўшы пагрозу, спрабуе апярэдзіць паляўнічых-кантралёрак, дзьвюх фэмін сярэдняга веку, якія хіжымі вачыма спрактыкавана вылічылі сваю ахвяру. Юнак дзейнічае занадта марудна й нясьмела. На прыладу для касаваньня квіткоў першай лягае шырокая кароткапалая длань адной з кантралёрак. Фэміны загналі ў куток і прыціснулі сваімі магутнымі формамі цельца юнага студэнта.