У Магілёве адчыняюцца два беларускія клясы

Таварыства беларускай мовы агітуе аддаваць туды дзяцей. У Магілёве актывісты Таварыства беларускай мовы заклікаюць гараджан аддаваць дзяцей у беларускія клясы. У горадзе зьявіліся ўлёткі, у якіх пазначана, што сёлета ў абласным цэнтры набіраюць два першыя клясы зь беларускай мовай навучаньня, перадае «Радыё Свабода». 10 жніўня, у першы дзень сваёй агітацыйнай кампаніі, рупліўцы беларушчыны распаўсюджвалі абвесткі ў цэнтры гораду на інфармацыйных дошках ля пад’ездаў. «Беларуская мова, як і іншыя мовы, мае права на жыцьцё, а без выкарыстаньня ў адукацыі ніякага паўнавартаснага жыцьця беларускай мовы ня будзе», — зазначыў адзін з удзельнікаў агітацыйнай акцыі магілёўскі літаратар Аляксей Карпенка.