Каля Мірскага замку знойдзеная невядомая рэзыдэнцыя Радзівілаў

Археолягі з Інстытуту гісторыі НАН Беларусі знайшлі падмурак невядомай рэзыдэнцыі XVI-XVII стагодзьдзяў каля Мірскага замку. Раней лічылася, што на месцы руінаў стаяў толькі палац XX стагодзьдзя, паведамляе «Радыё Свабода». 
У канцы 2015 году Інстытут гісторыі НАН і музэй «Замкавы комплекс «Мір» падпісалі пагадненьне аб супрацоўніцтве. У межах гэтага пагадненьня 4 ліпеня група археолягаў прыехала ў Мір. Цягам двух тыдняў навукоўцы мусілі правесьці раскопкі на месцы, дзе стаяў палац князёў Сьвятаполк-Мірскіх. Заўжды лічылася, што палац быў пабудаваны ў пачатку XX стагодзьдзя.