20 нечаканых фактаў пра Алеся Адамовіча

Сёньня беларускаму пісьменніку споўнілася б 90 год. Афіцыйна Алесь Адамовіч нарадзіўся 3 верасьня 1927 году, але сапраўдная дата яго нараджэньня — 3 жніўня 1926. Маці зрабіла зьмены ў дакумэнтах, каб сына не ўзялі на работы ў Нямеччыну. Жывучы зь непраўдзівай датай нараджэньня, Адамовіч усё жыцьцё вызнаваў у літаратуры дакумэнтальную праўду. Жорстка-рэалістычную, нават гіпэррэалістычную, піша «Радыё Свабода». Пачынальнік у беларускай літаратуры дакумэнтальна-мастацкай прозы, аўтар сцэнара да лепшага беларускага фільму «Ідзі і глядзі», бліскучы прапагандыст беларускай літаратуры ў Расеі, адкрывальнік праўды пра Чарнобыль, нястомны змагар супраць ядзернай зброі — Алесь Адамовіч.