Фатограф з Гомеля: Заўжды кажу, што я беларус. І гэта працуе на мяне

Павал Церашкавец, фатограф з Гомеля, трапіў на старонкі брытанскай газэты Daily Mail са сваім праектам «Амэрыканская малітва». Ён паказвае «антыгламурную» Амэрыку — тое, чым жывуць звычайныя амэрыканцы. У інтэрвію «Радыё Свабода» фатограф распавёў, чаму ў Сан-Францыска правесьці выставу прасьцей, чым у Менску, і як беларускасьць дапамагае ў працы. 28-гадовы Павал Церашкавец жыве ў Бэрклі — прыгарадзе Сан-Францыска. Зарабляе вясельнымі фотаздымкамі. Штогод праводзіць ня больш за 20 фатасэсіяў. У сярэднім адна фатасэсія ў ягонай уласнай агенцыі YourDreamPhoto каштуе каля 5 тысяч даляраў.