![]()
Папулярнасці знакамітага артыста Генадзя Аўсяннікава хапіла б на дзесяцярых. Генадзь Сцяпанавіч Аўсяннікаў служыць у Купалаўскім тэатры амаль шэсцьдзясят гадоў. Менавіта служыць, бо для яго тэатр — гэта храм, у якім душа чалавека сродкамі мастацтва ўзбагачаецца, саграваецца святлом высокага мастацтва. І ён, шараговы служыцель гэтага храма, у меру сваіх сіл і таленту стараецца актыўна падтрымліваць святое і жыццядайнае святло. На праслаўленай купалаўскай сцэне ім сыграна больш за восемдзесят роляў. І многія з іх (асабліва з беларускага рэпертуару) сталі эталоннымі, класічнымі.