Ім падарылі «Паланэз» і планшэт «Самсунг», а яны выносілі з буфэту зэфір

Два дні краіна напружвалася, каб пераканаць аднаго чалавека, што ў яго ўсё добра. Уявіце сабе Андрэя Кабякова, 55-гадовага кіраўніка ўраду краіны, у якой за апошнія гады рубель упаў у шэсьць разоў, замежная пазыка вырасла на траціну і палова людзей мае па тры з паловай мільёны ў месяц. Апошнія паўгода ён адказны за тое, каб дзьве з паловай тысячы чалавек спыніліся ў Менску ў дарагіх гатэлях, паслухалі Аляксандра Саладуху, схадзілі ў музэй і сфатаграфаваліся на Кастрычніцкай плошчы на новенькі планшэт, набыты за дзяржаўныя грошы. «Прэзыдэнт усё правільна сказаў», «згодныя з прэзыдэнтам», «нібыта ў нас на працы пабываў, так усё ведае», — прыёмшчыца з СПК «Шчорсы» і настаўніца музыкі з Наваградку, дырэктар ПУП «Азярыцкі Агра», чыноўнік зь менскай адміністрацыі, бізнэсмэн Шакуцін і сьпявачка Ірына Дарафеева.