Генадзь Бураўкін, які чакаў большага

30 траўня - два гады як няма з намі Генадзя Бураўкіна. У апошнія месяцы ягонага жыцця мы сустракаліся амаль штодня. Ці перамаўляліся, калі сустрэцца не выпадала, па тэлефоне. Ён патэлефанаваў, калі яго перавялі з мінскага шпіталю ў «ракавы корпус». У Бараўляны, дзе, нягледзячы на ўсе супакаенні дактароў («Тут лепшая дыягностыка, мы проста паглядзець, якасныя аналізы зрабіць»), ён усё зразумеў. - Вось ляжу, жыццё перабіраю, - сказаў ён на маё звыклае «як пачуваешся»? - Што зрабіў так, а што не так, што напісаў і што ўжо не напішу, дзе пабываў, а дзе ўжо не буду.