Сяргей Сахараў: Беларускія медыя пры дапамозе інтэрнэту прыспешваюць фармаванне нацыі

Беларуская медыяпрастора змагаецца з рускай, каб мы маглі развівацца як супольнасць нашмат хутчэй, чым нашы продкі. Галоўны рэдактар інтэрнэт-часопіса пра Мінск CityDog. by «расклаў» СМІ па стылях мастацтва і распавёў, што іх чакае ў будучыні. Лекцыю «Плюс-мінус дваццаць гадоў: што адбываецца з медыя сёння і чым гэта адгукнецца заўтра?» зладзілі Лятучы ўніверсітэт і Цэнтр еўрапейскай трансфармацыі ў межах цыкла «Уяўляючы Беларусь: ідэі і вобразы для супольнай будучыні». Пасля гэтага выступлення, насычанага машынамі часу, штучным інтэлектам і аднарогамі на вясёлках, студэнткі Інстытута журналістыкі разгублена абмяркоўвалі: няўжо гэта магчыма, што робаты змогуць пісаць якасныя тэксты не горш за людзей?Зрэшты, як адзначыў Сяргей Сахараў, адказваючы на пытанне Службы інфармацыі «ЕўраБеларусі», у прыйшласці з добрымі журналістамі ўсё будзе ў парадку, яны нікуды не знікнуць і іх праца па-ранейшаму будзе запатрабаванай.