![]()
Сёньня дэлегацыя Эўрапейскага парлямэнту сустракалася ў Менску з прадстаўнікамі апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці. Адметнасьцю гэтага мерапрыемства стала тое, што яно праводзілася ў фармаце круглага стала. Прычым задаць сваё пытаньне альбо выступіць маглі ня толькі эўрадэпутаты і лідэры апазыцыі — тыя і другія разам сядзелі за асобным сталом, — але і актывісты апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці, а таксама журналісты, якія сабраліся ў гэтай жа залі. Такая форма кантактаў і прывяла да таго, што міні-выступы і пытаньні былі вострыя, а адказы шчырыя, «непрычасаныя», паведамляе «Радыё Свабода».