На Валожыншчыне закладаецца сакральная «дуброва-555»

Больш за сто іменных дрэўцаў за месяц дабрачыннай акцыі — так пачынаецца гісторыя незвычайнай дубровы. Неўзабаве ў сеціве запрацуе віртуальны кабінэт, празь які гаспадар пасаджанага дубка зможа сачыць за лёсам свайго гадаванца зь любой кропкі сьвету, перадает «Радыё Свабода». 12 траўня завяршаецца першы этап сумеснага праекту дабрачыннага фонду UNIHELP і грамадзянскай ініцыятывы Smart Space Farm. Ён стартаваў у ваколіцах вёскі Малое Запрудзьдзе на Валожыншчыне месяц таму, у Дзень касманаўтыкі, што таксама сымбалічна: эмблемай Smart Space Farm — касманаўт, які высаджвае дубок на неабжытай плянэце, даючы ёй жыцьцё.