«Каменныя дзевачкі» Палесся

На Вялікдзень у вёсках Лельчыцкага раёну мяняюць «адзенне» каменных крыжоў. У Баравым і Данілевічах іх завуць «каменнымі дзевачкамі», паведамляе «Белсат». Даўным-даўно маці з дачкой жалі жыта. Дачка ці то загулялася, ці то заглядзелася, не пачула, як маці яе кліча снапы складаць: «Еўка, Еўка, хмара ідзе!». Паводле іншай легенды дзяўчынка надта павольна жала. У любым выпадку маці раззлавалася і сказала: «Каб жа ты каменем стала!». Загрымеў гром і дзяўчынка скамянела. Цяпер, паказваючы «каменную дзевачку», людзі кажуць: «Вось жа ў нашай Еўкі галоўка, вось плечыкі, а ногі ў зямлю ўраслі».